ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл. Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.
т. 4, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)